Перайсці да зместу

Віцебск (гасцініца)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гасцініца «Віцебск»
Краіна
Рэгіён Віцебская вобласць
Месцазнаходжанне Віцебск
Адрас вуліца Замкавая, 3
Прызначэнне гасцініца
Канец будаўніцтва 1973
Колькасць паверхаў 12
Архітэктар Віталь Аляксандравіч Данілаў і Зінаіда Сямёнаўна Даўгяла

«Віцебск» — гасцініца ў Віцебску, знаходзіцца на вуліцы Замкавай, 3. Пабудавана ў 1973 годзе (архітэктары В. Данілаў, З. Даўгяла, інжынер I. Баравая).

Будынак дванаццаціпавярховы,. З’яўляецца дамінантай цэнтра горада. Галоўным фасадам арыентаваны ў бок ракі Заходняя Дзвіна, вузкім тарцовым выходзіць на вуліцу Замкавую. Архітэктура вырашана ў буйнамаштабных формах, разлічаных на ўспрыманне з далёкай адлегласці. У аснове будынка маналітныя жалезабетонныя рамы на 4 паверхі. На галоўным фасадзе шырокія палосы аконных праёмаў рытмічна чаргуюцца з палосамі прасценкаў і аб’яднаны вертыкальнымі рэбрамі на вышыню 3—12-га паверхаў. На 1-м паверсе шырокія зашклёныя праёмы.

Сцены 1-га і 2-га паверхаў выкананы з бетонных блокаў і цэглы, сцены 3—12-га паверхаў з цэглы. Дзесяць паверхаў маюць аднатыпную планіроўку: уздоўж калідораў размешчаны камфартабельныя нумары, у цэнтры — хол, звязаны з ліфтамі. На 1-м паверсе адміністрацыйныя памяшканні, на 2-м — рэстаран, кабінеты бытавога абслугоўвання. У вестыбюлі керамічнае пано «Старажытны Віцебск». Будынак — прыклад архітэктуры 1970-х гадоў.

  • Чарняўская, Т. І. Гасцініца «Віцебск» / Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мн., 1985. — С. 51-52.
  • Анікін, В. І. «Віцебск», гасцініца / В. І. Анікін // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Віцебска : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; склад. А. І. Мацяюн; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2003. — Кн. 2. — С. 629—630.
  • «Витебск», гостиница // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. — Мн., 1988. — С. 93-94.